17 лютага 2018 года вядучы ў краіне спецыяліст у галіне тэорыі, метадалогіі і гісторыі сацыялогіі, доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі ФФСН Анатоль РУБАНАЎ адзначыць сваё 60-годдзе. У Анатоля Уладзіміравіча за плячыма вялікі і шматпланавы жыццёвы досвед. Да паступлення ў БДУ ён паспяхова скончыў Мінскую школу алімпійскага рэзерву, адслужыў тэрміновую службу на Паўночным флоце. Так бы мовіць, убачыў жыццё, прайшоў сацыяльную загартоўку і ўсвядомлена ўзяўся спасцігаць асновы гуманітарных ведаў. У 1981 г. ён паспяхова скончыў філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю па філасофскіх навуках (1988), затым – доктарскую дысертацыю па сацыялагічных навуках (1994). З 1988 па 1993 гг. працаваў у Інстытуце філасофіі і права, а пасля яго рэарганізацыі ў 1990– 2002 гг. – у Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адначасова з 1999 па 2006 гг. – першы намеснік дырэктара Мінскага НДІ сацыяльна- эканамічных і палітычных праблем Мінгарвыканкама. З лютага 2006 г. па люты 2016 г. – дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. З 2007 г. – галоўны рэдактар «Часопіса БДУ. Філасофія. Псіхалогія».
А. У. Рубанаў узначальваў экспертны савет ВАК Рэспублікі Беларусь па сацыялагічных навуках, у наш час з’яўляецца старшынёй доктарскага савета па абароне дысертацый пры БДУ, узначальвае секцыю ВМА па сацыялагічных навуках, уваходзіць у склад рэдакцыйных калегій навуковых выданняў Беларусі і краін блізкага замежжа. Ён аўтар навуковых манаграфій, падручнікаў, навучальных дапаможнікаў, шмат друкуецца ў вядучых навуковых выданнях.
Прафесар А. У. Рубанаў выконвае вялікую навучальную і метадычную нагрузку. Ён актыўна ўдзельнічае ў навукова-педагагічнай працы, з’яўляецца ініцыятыўным і творчым навукоўцам і выкладчыкам. Яго навуковыя інтарэсы знаходзяцца ў рэчышчы развіцця тэорыі і метадалогіі, эканамічнай сацыялогіі, сацыялогіі горада. Прафесар А. У. Рубанаў ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва падрыхтоўкай аспірантаў, кіруе дыпломнымі і курсавымі працамі студэнтаў. Заслужана карыстаецца высокім аўтарытэтам сярод навуковай грамадскасці, калектыву ўніверсітэта, студэнтаў.
Напярэдадні свайго юбілею прафесар А. У. Рубанаў узнагароджаны знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» за ўзорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, плённую навукова-педагагічную працу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Віншуем!