История факультета
ФАКУЛЬТЭТ ФIЛАСОФII I САЦЫЯЛЬНЫХ НАВУК
факультэт, які фарміруе сэнсы
Беларускі дзяржаўны універсітэт першапачаткова ствараўся як класічная вышэйшая навучальная ўстанова. Натуральна, што філасофскае пазнанне стала неад'емным атрыбутам яго адукацыйнай праграмы. Акрамя таго, ва ўмовах рэвалюцыйных пераўтварэнняў значная ўвага надавалася сацыяльным навукам. Нядзіўна таму, што падрыхтоўка спецыялістаў і навуковыя даследаванні ў сферы сацыяльна-філасофскіх ведаў вядуцца ў БДУ з моманту ўзнікнення.
Адным з трох першых факультэтаў новага ўніверсітэта ў 1921 г. стаў факультэт грамадскіх навук. У лік першых прафесараў універсітэта, прызначаных Дзяржаўным вучоным саветам, увайшоў У. М. Іваноўскі. У гэты час ён ужо з'яўляўся вядомым філосафам і педагогам вышэйшай школы. У Мiнску навуковец выпусціў такія працы, як "Логіка гісторыі як анталогія адзінкавага" (1922) і першы том "Метадалагічнага ўвядзення ў навуку і філасофію" (1923). Гэтыя кнігі сталі першымі выданнямі сацыяльна-філасофскай тэматыкі, якія выйшлі ў БДУ.
У той жа час, у 1921 г., была адкрыта кафедра сацыялогіі і першабытнай культуры, якую ўзначаліў прафесар С. З. Каценбоген, які вёў выкладанне генетычнай сацыялогіі. У працах БДУ за 1923 г. быў апублікаваны першы курс лекцый па сацыялогіі.
Кіруючая камуністычная партыя надавала надзвычайна пільную ўвагу стану і развіццю сацыяльна-гуманітарных навук. Гэта аказвала істотны ўплыў на развіццё універсітэта і асобных навуковых кірункаў. Прэстыж філасофіі і гісторыі быў надзвычай вялікі. Яны па праве прызнаваліся элітарнымі навукамі. Так, кафедра філасофіі была створана на гістарычным факультэце у 1941 г., а аддзяленне філасофіі было адкрыта ўжо пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1947 г. Праз год была ўтворана кафедра гісторыі філасофіі, якая з 1950 г. стала называцца кафедрай гісторыі філасофіі і логікі. У 1966 г. падрыхтоўка спецыялістаў сацыяльна-гуманітарнага профілю для рэспубліканскай сістэмы адукацыі атрымала далейшае развіццё ў сувязі з аднаўленнем філасофскага аддзялення на гістарычным факультэце.
Найважнейшай падзеяй у развіцці сацыяльна-гуманітарных навук у нашай краіне стала адкрыццё ў 1967 г. у БДУ праблемнай навукова-даследчай лабараторыі, якую ўзначаліў член-карэспандэнт АН БССР I. М. Лушчыцкі. Прыемна, што універсітэт быў флагманам ўсіх наватарскіх ініцыятыў і праектаў, якія рухалі навуку наперад.
Аб неадназначнасці і цярністасці шляху ў студэнцкую аўдыторыю псіхалогіі сведчыць існаванне на філалагічным факультэце БДУ аддзялення логікі, псіхалогіі і рускай мовы, адкрытага ў 1947 г. Толькі ў 1976 г. было прынята рашэнне аб падзеле кафедры педагогікі і псіхалогіі і ўтварэнні самастойнай кафедры псіхалогіі.
Рубежнай вехай у гісторыі факультэта стаў 1989 г., калі быў адкрыты філасофска-эканамічны факультэт, які ўключаў аддзялення філасофіі, сацыялогіі і палітычнай эканоміі. Яго ўзначаліў вядомы беларускі навуковец доктар філасофскіх навук прафесар А. М. Елсукоў. Тады ж была створана кафедра сацыялогіі, і ўпершыню ў Беларусі пачата падрыхтоўка спецыялістаў-сацыёлагаў. У 1997 г. у склад факультэта ўвайшла кафедра псіхалогіі. Наступным крокам на шляху развіцця факультэта стала адкрыццё аддзялення інфармацыі і камунікацыі (у цяперашні час – сацыяльнай камунікацыі), а ў 1999 г. была створана кафедра сацыяльнай камунікацыі. Сярод задач новай кафедры на першы план адразу выйшлі забеспячэнне падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці інфармацыя і камунікацыя, а таксама актывізацыя навуковых даследаванняў у галіне камунікацыйных працэсаў у сучасным грамадстве.
У структуры філасофска-эканамічнага факультэта вялася падрыхтоўка студэнтаў па сямі спецыяльнасцях як эканамічнага, так і сацыяльна-філасофскага профілю, што не магло не выклікаць сур'ёзных цяжкасцяў у планаванні і аптымальнай арганізацыі навучальнага працэсу. У выніку паўсталі падставы для сур'ёзнай рэарганізацыі – падзелу філасофска-эканамічнага факультэта на два самастойных факультэта: эканамічны і філасофіі і сацыяльных навук, што і адбылося 1 сакавіка 1999 г. На той момант зноў утвораны факультэт узначальваў доктар філасофскіх навук прафесар А. I. Зелянкоў. У 2006–2016 гг. дэканам працаваў доктар сацыялагічных навук, прафесар А. У. Рубанаў. З лютага 2016 г. па кастрычнік 2021 г. дэканам з’яўляўся кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. Ф. Гігін. З кастрычніка 2021 г. дэканам факультэта з'яўляецца кандыдыт філасофскіх навук, дацэнт Сайганава В. С.